Правы Студэнта і Праваабарона ў студэнцкім асяроддзі
17.06.2010 15:16

Моладзевая прафсаюзная група «Студэнцкая Рада» правяла 13 чэрвеня першую ў сваім родзе канферэнцыю «Правы Студэнта і Праваабарона ў студэнцкім асяроддзі, сучаснае Студэнцтва».


Нядзельнай раніцай 13 чэрвеня ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау сабралося каля 30 студэнтаў, выкладчыкаў (у тым ліку і былых), прадстаўнікоў розных моладзевых арганізацый і грамадскіх актывістаў, каб абмеркаваць, што такое Правы Студэнтаў, навошта яны патрэбныя, хто такі Сучасны Студэнт, якія ягоная роля і месца ў беларускім грамадстве.

Па словах арганізатара мерапрыемства, Аляксандры Дзікан, асноўным вынікам канферэнцыі стала выпрацоўка і прыняццё рэзалюцыі, у якой сярод іншых пунктаў удзельнікамі было ўхвалена паняцце Правоў Студэнта, прапанавана ўкараніць у практыку магчымасць датэрміновага сканчэння ВНУ, паказана на неабходнасць інтэнсіфікаваць міжнародны акадэмічны абмен досведам паміж студэнтамі па пытанні правоў студэнтаў і студэнцкага самакіравання, а таксама заяўлена пра важнасць увядзення прапарцыйнай сістэмы ацэнкі ведаў пры паступленні на некаторыя спецыяльнасці (у прыватнасці творчыя) пасродкам камбінацыі цэнтралізаваных тэстаў з іншымі формамі праверкі ведаў, такімі як іспыты альбо творчыя заданні па профільным прадмеце.

Па словах Аляксандры Дзікан, удзельнікі таксама палічылі неабходным стварэнне нейкай студэнцкай арганізацыі, якая магла б абараняць іх правы. «На дадзены момант ідзе абмеркаванне гэтага пытання. Казаць пра пэўную форму такой арганізацыі яшчэ вельмі рана. Але тое, што яно патрэбна – несумнеўна. Хачу падкрэсліць, што форма не такая важная. Яна, можна сказаць, другасная, галоўнае – ідэя: абарона правоў студэнтаў» – падкрэсліла Аляксандра.

Змястоўная частка канферэнцыі была прадстаўлена дакладамі на тэму сутнасці правоў студэнтаў, перспектываў развіцця праваабароны ў сучасным студэнцкім асяроддзі, пытанню гуманнай адукацыі, а таксама якасці сучаснай адукацыі.

Прэзентацыя дакладаў завяршылася абмеркаваннем у фармаце «Адкрытай прасторы» («open space»). На аснове праслуханых дакладаў і сваіх інтарэсаў удзельнікі канферэнцыі пазначылі тэмы, якія іх цікавяць. Пасля тэмы былі згрупаваны па тэматычнай блізкасці і ўдзельнікі прыступілі да працы ў чатырох групах: Балонскі працэс, якасць адукацыі і студэнцкае самакіраванне; актыўнасць студэнтаў; супрацоўніцтва; грамадзянскія і палітычныя правы.
Выкарыстанне тэхналогіі «Адкрытая прастора» дае ўдзельнікам поўную свабоду перасоўвання – яны могуць свабодна пераходзіць з групы ў групы, тым самым маючы магчымасць даведацца, што адбываецца ў кожнай іх іх і зрабіць свой унёсак у іх працу.

Завяршылася канферэнцыя прыняццём рэзалюцыі, у якую былі ўключаны некаторыя напрацоўкі тэматычных груп, а таксама прапановы, якія паступілі падчас яе абмеркавання.

Канферэнцыя «Правы Студэнта і Праваабарона ў студэнцкім асяроддзі, сучаснае Студэнцтва» стала першым крокам да вынясення на абмеркаванне найболей актуальных для беларускага студэнцтва пытанняў: якасці адукацыі і яго адпаведнасці запатрабаванням рынка працы, адсутнасці выразнага прававога механізму абароны правоў студэнтаў, нізкага ўзроўня грамадзянскай актыўнасці студэнтаў, перспектыў далучэння Беларусі да Балонскага працэсу, а таксама сістэмы адзнакі ведаў.

У дадатку да рэзалюцыі канферэнцыі, якая на дадзены момант знаходзіцца на этапе распрацоўкі, плануецца ўдакладніць некаторыя палажэнні дакумента.

Прэс-цэнтр МПГ «Студэнцкая Рада»
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript